Галоўная > Акафіснік > Акафіст - Пахвала Пачэснаму і Жыцьцядайнаму Крыжу

Акафіст - Пахвала Пачэснаму і Жыцьцядайнаму Крыжу


12 лістапада 2009.

Кандак 1

Магутны Ўладару наш і Жыцьцядаўча Хрысьце, Ты даў нам пачэсны і сьветлы Твой Крыж як непераможную зброю супраць ворагаў; мы збаўляемся ім ад бедаў і песьню ўдзячнасьці пяём, кажучы: "Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!"

Ікас 1

Анёлы і ўсе нябесныя сілы стаяць накрыж вакол пасаду Уладара славы і славяць тваю, крыжу, вялікую сілу, кусклікаючы:

Радуйся, крыжу, на якім Хрыстос быў расьпяты, і Госпад Бог быў прыбіты да цябе;

Радуйся, бо табою Ісус разарваў путы пякельныя, і зьнішчыў вароты вечныя;

Радуйся, сьцяг Уладара нябеснага, і пераможца злога ворага;

Радуйся, знак пакутаў Гасподніх, і пахвала пасаду Ўладара;

Радуйся, дрэва жыцьця вечнага, і парастак насеньня райскага;

Радуйся, праганіцель бесаў, і грэшных аздаравіцель;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 2

Усе людзі, ад вялікага да малога, бачылі цябе, крыжу сьвяты, узьнесеным на Гальгоце; мы ж, гледзячы на цябе узьнесенага рукамі сьвятара, пакланяемся Госпаду Богу нашаму і пяем: Алілуя

Ікас 2

Дай нам, Сыне Божы, розум, каб спасьцігнуць крыжа Твайго сілу; хоць нячыстымі вуснамі ня можам належна ўславіць яго, але ў веры клічам:

Радуйся, крыжу, дрэва жыцьця, пастаўленае сярод зямлі, бо на табе зьдзейсьнілася нашае збаўленьне;

Радуйся, бо як дзеля плоду дрэва прабацькі нашыя былі выгнаныя, так дзякуючы табе былі адпушчаныя грахі нашыя;

Радуйся, бо як дрэвам мы былі асуджаныя на сьмерць, так табою мы зноў удастоіліся жыцьця;

Радуйся, ключ, што адчыняе нам рай зямны, і адганяе хэрувіма з вогненным мячом ад уваходу ў рай;

Радуйся, дрэва, што насіла Ноя з усімі жывымі істотамі, і што трымала Хрыста з Яго ранамі;

Радуйся, зялёная галінка, якую прынесла ў каўчэг галубка, і знак, што сушыць сілу нашага забойцы;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 3

Сілу крыжа Твайго, Хрысьце, пашлі нам з неба, каб нам усхваліць страшны і вялікі цуд: хай ён нам будзе непераможнай зброяй і прасьвятленьнем, каб нам клікаць: Алілуя!

Ікас 3

Усе хрысьціяне маюць у Табе вялікага заступніка, жыцьцьцядайны крыжу, і надзейнага памочніка ў бедах; памятаючы гэта, у дары прыносім гэтую песьню:

Радуйся, крыжу, на якім Хрыстос сем слоў сказаў і якім Ён зьнішчыў д'ябальскую моц;

Радуйся, бо на табе Ён за ворагаў Богу Айцу маліўся, і табою райскія вароты разбойніку адчыніў;

Радуйся, бо да цябе Бог грахі нашыя прыгвазьдзіў, і табою зьнішчыў вароты пякельныя;

Радуйся, бо, вісячы на табе, Хрыстос Маці сваю вучню пад апеку аддаў, і табою споўніў усе сказаньні прарокаў;

Радуйся, бо на табе Ён усклікнуў Богу “Элёі, элёі”, і табою прасьвятліў тых, што сядзелі ў цемры;

Радуйся, бо на табе павіс Ён, жадаючы нашага збаўленьня, і ў рукі Бога Айца душу сваю аддаў;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 4

Ад войнаў і няволі выбаў нас, Хрысьце, сілаю пачэснага і жыцьцядайнага Твайго крыжа; мы ж, прасьветленыя ім, быццам вялікім сьветачам, слаўнае ўзьнясеньне ягонае славім, клічучы: Алілуя!

Ікас 4

Ярчэй за сонца зьзяеш, прамяністы і ясны крыжу Гасподні: успамагай і ўслаўляй усіх, што прыбягаюць да цябе і славяць цябе, клічучы:

Радуйся, крыжу, ахвяра Абрагамава, і палена з бярэмя Ісаакавага;

Радуйся, лесьвіца, якую бачыў Якуб, і жэзл племя Левія;

Радуйся, люстра цярпеньня Ёва, і незгаральны куст Майсея;

Радуйся, кветка палкі Ааронавай, і мера зямельная Ісуса Навіна;

Радуйся, раса руна Гедэонавага, і вялікая сіла Самсонава;

Радуйся, хуткая прашча Давідава, і слаўная мудрасьць Саламонава;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 5

Каб збавіць род людзкі ад сьмерці, Ты, Хрысьце, з уласнай волі памёр на крыжы і даў яго нам як знак вялікае любові Твае. Дзеля гэтага ўсе мы клічам Табе: Алілуя!

Ікас 5

Калі сыны людзкія ўбачылі, як сьвятар узносіць пачэсны крыж Твой, Хрысьце, і бласлаўляе ім людзей, яны ў песьнях уславілі яго і ўсклікнулі:

Радуйся крыжу, бо ты аб'яўляеш усім славу Хрыстовую, і табою сьвет расьпяўся для нас і мы для сьвету;

Радуйся, бо на табе Бог мукі пацярпеў, і імі нашы немачы ацаліў;

Радуйся, бо на табе Госпад памерці захацеў, і нас ад сьмерці вечнае выбавіў;

Радуйся, бо на табе Боства ўславілася, і табою бесы прагнаныя былі;

Радуйся, бо цябе Хрыстос на сваіх плячах нёс, і нам крыж свой несьці загадаў;

Радуйся, бо ты – пахвала Ўладара нябеснага, і надзея кожнага грэшніка;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 6

Ты, Хрысьце, паказаў усім славу крыжа Твайго, – вышыню яго ад зямлі да неба, і шырыню ад усходу да захаду. Ворагі, убачыўшы зьзяньне крыжовай сілы, спалохаліся і разьбегліся, і пакляліся ніколі больш не супраціўляцца закону Хрыстоваму. Мы ж убачыўшы гэта, на ўвесь голас клічам: Алілуя!

Ікас 6

Выбаў, Хрысьце, нас, нягодных, што прыбягаем да Цябе, ад усіх напасьцяў сілаю крыжа Твайго сьвятога, і дай нам яго як непераможную зброю, каб нам хваліць яго і клікаць:

Радуйся, крыжу, якога патрыярх Якуб прадбачыў, калі сыноў Язэпавых крыжападобна бласлаўляў;

Радуйся, бо знакам тваім Майсей мора разьдзліў, і сілаю тавёю фараона патапіў;

Радуйся, бо калі ён крыжападобна ўзьняў рукі, тады Ісус Навін Амалека перамог;

Радуйся, бо табою Майсей з каменя ваду дастаў, і безьліч людзей і жывёлы напаіў;

Радуйся, бо на табе Майсей павесіў вужа меднага, і табою аздаравіў усякага ўжаленага;

Радуйся, бо знакам тваім Ісус Навін Ярдан перайшоў, і табою муры ерыхонскія разбурыў;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 7

Сьвет мае ў табе, крыжу ўсяхвальны, вялікага заступніка ў бядзе, а род хрысьціянскі – Богам дадзеную непераможную зброю. Ты больш пачэсны за ўсе сілы нябесныя і зямныя. Дзеля гэтага, дзівячыся вялікім цудам тваім, з радасьцю ўсклікаем Богу: Алілуя!

Ікас 7

Новую ласку паказаў нам Уладар, калі з уласнае волі быў распяты на табе, крыжу ўсесьвяты: адвеку нечувана, каб сам памёр, каб нас ажывіць. Дзеля гэтага пяём табе такім чынам:

Радуйся, крыжу, памяць вечная патрыярхаў, і люстра справядлівасьці судзьдзяў;

Радуйся, перамога вялікая ўладароў над ворагамі, і жаданьне салодкае Божых прарокаў;

Радуйся, слава і краса сьвятых апосталаў, і дабравешчаньне Хрыстовых евангелістаў;

Радуйся, мудрасьць вялікая багасловаў, і жэзл нятленны добрых пастыраў;

Радуйся, сіла і цярплівасьць непераможных мучанікаў, і устрыманасьць і дабрадзейнасьць чыстых дзеваў;

Радуйся, сьцяна абаронная пахвальных манахаў, і знак міласернасьці Божай для ўсіх грэшнікаў;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 8

Дзіўны знак бачыў цар Канастантын у поўдзень, калі яму зьявіўся на небе вобраз крыжа, на якім напісана было: "З гэтым знакам пераможаш ворагаў тваіх". І ён, спалохаўшыся, заставаўся быццам зьнямоглы, пакуль супраціўнікі не былі пераможаныя сілаю крыжа; тады поўны радасьці пачаў пяяць хвалу Богу і клікаць: Алілуя!

Ікас 8

У немачах ты, крыжу слаўны, вялікі лекар і ў бедах слаўная абарона; сілаю тваёю верныя перамагаюць варожыя хітрасьці і адганяюць злыя немачы. Дзеля гэтага хвалім цябе, пяючы:

Радуйся, крыжу, што даеш сьляпым бачаньне і кульгавым вяртаеш здольнасьць хадзіць;

Радуйся ты, што ачышчаеш пракажоных, і глухім вяртаеш слых;

Радуйся, што нямым даеш мову, і расслабленых умацоўваеш;

Радуйся, прахалода тых, што церпяць гарачку, і вызваленьне ад нячыстых духаў;

Радуйся, люнатыкаў слаўнае вызваленьне, і аздараўленьне тых, што церпяць на крывацечу.

Радуйся, падаўча розуму неразумным і усіх немачаў людзкіх лекару.

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 9

Канстантын адпусьціў маці сваю Алену ў Ерусалім, каб знайшла пачэсны крыж; біскуп Макар сустрэў яе з радасьцю, і яны разам загадалі шукаць старанна сьвятое дрэва. Знайшоўшы яго, яны ўсьцешыліся і ўсклікнулі: Алілуя!

Ікас 9

Словы ўладара дайшлі да вушаў вояў яго, калі ён расказаў ім бачанае, і яны, прызнаўшы сілу вялікую крыжа, уверылі і, ахрысьціўшыся, усклікнулі:

Радуйся крыжу, больш сьветлы за сонечнае зьзяньне, і больш страшны для ворагаў за ўсякую зброю;

Радуйся, бо ты разрушаеш намеры гордых, і даеш дабарадзейнасьці пакорным;

Радуйся, люстра цярплівасьці для тых, што змагаюцца за Хрыста, і сьцяг мілы для тых, што жывуць у чысьціні;

Радуйся, настаўнік маладых, і старасьці пахвала;

Радуйся, блуднікаў чыстае каяньне, і посьнікаў вялікая ўстрыманасьць;

Радуйся, сьвятло яснае, што зьзяе тым, што ў цемры, і радасьць вялікая сумных.

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 10

Выбаў нас, Хрысьце, ад усякае патрэбы сілаю пачэснага Твайго крыжа, якім Ты захацеў збавіць род людзкі. Дзеля гэтага і мы сьвяткуем памяць яго і пакланяемся яму, пяючы радасна Госпаду Богу: Алілуя!

Ікас 10

Ты, пачэсны крыжу, – мур абаронны для тых, што ў спакусах, і сьцяг непераможны ў барацьбе, бо знакам тваім безьліч дэманаў адганяем і перамагаем бачных ворагаў, пяючы табе з радасьцю:

Радуйся, крыжу, хрысьціянаў слаўная пахвала, і ўстаньне паўшых грэшнікаў;

Радуйся, няверных пасаромленьне, і паганаў дзіўнае засьляпленьне;

Радуйся, краса Царквы Хрыстовае, і знак веры праўдзівае;

Радуйся, паганых людзей выкрывальнік, і дэманаў грозны праганіцелю;

Радуйся, сусьвету непарушнае ўмацаваньне, і сьвятых пахвала і прасьвятленьне;

Радуйся, усім верным радасьць у судны дзень, і нязбожных страшны губіцелю.

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 11

Гордасьць усякая роду людзкога перамагаецца многімі невыказнымі тваімі, крыжу слаўны, сіламі; калі і пачнем славіць цуды твае, дык нічога дастойнага ня чынім у параўнаньні з дарамі, якія Госпад даруе усім, што пяюць: Алілуя!

Ікас 11

Глянь, Уладару, у сэрцы тых, што пакланяюцца крыжу Твайму і, славячы, прыбягаюць да Цябе, Бога нашага, які пацярпеў за нас на крыжы, каб мы маглі вызнаваць хвалу Тваю і казаць:

Радуйся, крыжу, на якім быў прыбіты напіс віны нашага Збавіцеля, і які нам паказаў славу Адкупіцеля грэшнікаў;

Радуйся, бо на табе былі напісаныя па-гэбрэйску, грэцку і лацінску словы: Ісус Назарэй, цар Юдэйскі.

Радуйся крыжу, на якім Хрыстос жоўці з воцтам пакаштаваў, і разбойніку райскія дзьверы адчыніў.

Радуйся крыжу, на якім расьпяты Хрыстос быў абсьмеяны паганымі людзьмі, і прабіты кап'ём у бок;

Радуйся ты, на якім Ён з боку свайго выліў кроў і ваду, і асьлепламу сотніку сьвятло паказаў;

Радуйся, бо на табе Хрыстос Стары Запавет споўніў, і Новы ўстанавіў;

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!

Кандак 12

Міласэрнасьць Тваю Боскую дай Хрысьце нам, якія славім у песьнях усесьвяты крыж Твой, якім, быццам ясным сьветачам, прасьвятляеш усіх, што пяюць у пачэснай Царкве Тваёй: Алілуя!

Ікас 12

Славім у песьнях пачэсны крыж Твой, Хрысьце, і знакам ягоным прасьвятляемся, бо Ты ў вялікай міласэрнасьці Тваёй выбавіў ім род людзкі. Дзеля гэтага клічам:

Радуйся, крыжовае дрэва, што родзіць нам плод жыцьця, і дае зьнявераным дар надзеі;

Радуйся, крыжу, што адганяеш цялесныя спакусы, і ўмацоўваеш сілы душэўныя.

Радуйся ты, якога ўсе вусны бласлаўляюць і якім Госпада Хрыста ўзьвялічваюць;

Радуйся, найдаражэйшае імя для ўсіх хрысьціянаў, і вялікая слава цэркваў,

Радуйся, заступнік тых, што прыбягаюць да цябе, і ведамая абарона ад усіх ворагаў;

Радуйся, ахоўніку цела майго, і прасьвятленьне розуму майго.

Радуйся, пачэсны крыжу, крывёю Госпада нашага Ісуса Хрыста акроплены!


Вярнуцца назад