Галоўная > Малітвы прынагодныя > Малітвы ранішнія

Малітвы ранішнія


24 красавіка 2008.

Устаўшы рана, зрабі знак крыжа і кажы:

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

Тады працягвай:

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, дзеля малітваў Усячыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых, зьмілуйся нада мною.

Слава Табе, Божа наш, слава Табе. Уладару Нябесны… і г.д. да Ойча наш. Потым:

Устаўшы ад сну, прыбягаем да Цябе, Добры, і анёльскую песьню пяём Табе, Моцны: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа, заступніцтвам анёльскіх сілаў Тваіх, зьмілуйся над намі”.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

З пасьцелі і ад сну ўзьняўшы мяне, прасьвятлі, Госпадзе, мой розум і сэрца, і адчыні вусны мае, каб мне пяяць Табе, Сьвятая Тройца: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа, малітвамі сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі”.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Судзьдзя нечакана прыйдзе і ўчынкі кожнага стануцца яўнымі. Таму са страхам клічам апоўначы: “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі”.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Устаўшы ад сну, дзякую Табе, Божа ў Сьвятой Тройцы адзіны, што ў вялікай Тваёй дабрыні і доўгацярплівасьці не загневаўся на мяне, лянівага і грэшнага, і не загубіў мяне з маімі правінамі, але ў чалавекалюбстве сваім паказаў звычайную спагадлівасьць Тваю і ўзьняў мяне ад сну, каб мне зранку славіць веліч Тваю. Дык цяпер прасьвятлі вочы розуму майго і адчыні вусны мае, каб мне навучацца словаў Тваіх і разумець Твае прыказаньні, і чыніць волю Тваю, і славіць Цябе ад шчырага сэрца, і ўзьвялічваць усесьвятое імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Калі маеш час, гавары таксама наступныя малітвы або, прынамсі, некаторыя з іх паводле выбару:

Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 50. Зьмілуйся нада мною, Божа…

Вызнаньне веры. Веру…

Малітва сьвятога Макара. Да Цябе, Уладару Чалавекалюбца, устаўшы ад сну, прыходжу і з ласкі Тваёй зьбіраюся рабіць справы Твае. Малюся Табе: дапамагай мне ў кожны час і ў кожнай рэчы, захавай мяне ад усякіх людзкіх злых учынкаў і д’ябальскае спакусы, збаў мяне і накіруй да валадарства Твайго вечнага. Бо Ты мой Творца, Крыніца і Падаўца ўсяго добрага, на Цябе спадзяюся, і Табе славу аддаю, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.

Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абя-цаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

Малітва да Найсьвяцейшай Багародзіцы. Усесьвятая Ўладарка мая Багародзіца, сьвятымі Тваімі і ўсемагутнымі малітвамі адгані ад мяне, пакорнага і нягоднага слугі Твайго, панурасьць, зьнявераньне, бяздумнасьць і абыякавасьць. Адхілі ўсе грэшныя думкі ад нераскаянага сэрца і пацямнелага розуму майго. Пагасі полымя дрэнных пажаданьняў, бо я бедны і няшчасны, і захавай ад усіх паганых намераў і дзеяньняў. Бо Ты блаславёная ўва ўсіх пакаленьнях, і пачэснае імя Тваё праслаўленае на ўсе вякі. Амін.

Малітва да анёла-апекуна. Анёле Божы, апякуне мой сьвяты, дадзены мне ад Бога, каб ахоўваць мяне, шчыра малюся табе: прасьвятлі мяне сёньня і захавай ад усякага зла, настаў на добрае дзеяньне, і накіруй на шлях збаўленьня. Амін.

Малітва да сьвятога, імя якога носіш. Малі Бога за мяне, сьвяты ўгодніку Божы (сьвятая ўгодніца Божая) …, бо я шчыра да цябе прыходжу як да хуткага памочніка і заступніка (хуткае памочніцы і заступніцы) душы маёй.

Малітва за Царкву. Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, будзь памятлівы Тваіх спрадвечных міласьцяў і дабротаў, дзеля якіх Ты стаўся чалавекам і пацярпеў дабравольна ўкрыжаваньне і сьмерць для збаўленьня тых, што ўверылі ў Цябе; ўваскрос з мёртвых, узьнёсься на неба, і сядзіш па правай руцэ Бога Айца, і ўзіраешся на пакорныя маленьні тых, што ад усяго сэрца клічуць Цябе. Нахілі вуха Тваё і пачуй малітву пакорнага слугі Твайго, і прымі яе як духмянасьць духоўную, якую прыношу Табе за ўсіх людзей. Насамперш успомні Царкву Тваю сьвятую, паўсюдную і апостальскую, якую Ты заснаваў сьвятою Тваёю Крывёю, і ўмацуй, пашыр, і захавай яе непераможнаю на ўсе вякі. Разлады царкоўныя суцішы, забурэньні гэрэзіі згасі і выкарані, і ў нішто абярні сілаю Твайго Сьвятога Духа.

Малітвы за жывых. Збаў, Госпадзе, бацькоў маіх … і …, братоў і сёстраў, і ўсіх блізкіх, і ласку Тваю, супакой, радасьць і дабро дай ім.

Збаў, Госпадзе, сіротаў, удоваў, бедных, хворых, тых што церпяць бяду і нястачу.

Збаў, Госпадзе, тых, што церпяць перасьлед і зьняволеньне за Цябе і за веру сьвятую; наведай іх, умацуй, суцеш, і хутка сілаю Тваёю палёгку, свабоду і вызваленьне дай ім.

Збаў, Госпадзе, прыяцеляў маіх і дабрачынцаў, і ўсіх, што прасілі мяне, нягоднага, маліцца за іх.

Збаў Госпадзе, тых, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і нападаюць на мяне без падставы, і ня дай ім згінуць з прычыны мяне, грэшнага.

Усіх, што ад веры сьвятой адступілі, прасьвятлі сьвятлом Твайго пазнаньня, і зьяднай з Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царквой.

Малітвы за памерлых. Успомні, Госпадзе, душы памерлых у надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага слугаў Тваіх, бацькоў маіх … і …, і ўсіх родных, прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя, даруй ім валадарства нябеснае і зрабі іх удзельнікамі Твайго бясконцага і блаславёнага жыцьця.

Дай, Госпадзе, адпушчэньне грахоў усім, што раней адышлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, айцом, братом і сёстрам нашым, і ўчыні ім вечную памяць.

Малітвы да Багародзіцы і заканчэньне. Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою, блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.

Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Пад Тваю міласэрнасьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, маленьняў нашых у час суму не адкінь, але ад бедаў вызваль нас, адзіная чыстая, адзіная блаславёная.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, дзеля малітваў Найчыстае Твае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых, зьмілуйся нада мною. Амін.


Вярнуцца назад