Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Упрыгожыўшы душу тваю
дабрадзейнасьцямі дзявоцтва і крывёю мучаніцтва, ты, мучаніца слаўная, аддала
сябе Творцу твайму, які захаваў цябе нятленнаю навекі. Цяпер ты, усяхвальная,
жывеш у радасьці разам з хорамі анёлаў і арханёлаў, прарокаў, апосталаў і
мучанікаў.
Цябе прывязвалі да кола, разьдзіралі зьвярамі і кідалі ў
агонь і ваду. Умацаваўшы розум твой Боскім Духам, ты, дзева, у крыві тваёй мужна
патапіла ўладара цемры і ўзьнялася да нябесных хорамаў, прынёсшы, быццам пасаг,
Жаніху твайму цярпеньні твае.
Памёршы, ты, мучаніца, застаешся вечна жывой; праліўшы кроў
сваю на хвалу Госпаду, ты напаіла верных і прасьвятліла іх веданьнем, а няверных
ворагаў патапіла. Дзеля гэтага скрутак Боскі царкоўных догмаў табе давяраецца,
каб ты іх вечна трымала і ахоўвала.
Слава ...:
(Тон 8). Дабрадзейная і са сьветлым розумам, ты
праліла алей сьвяты ў сэрцы верных; зазьзяўшы з Усходу, быццам раньняя зорка, ты
прасьвятліла збор сьвятых айцоў. Не пераставай маліцца, Аўхімія ўсяхвальная, за
збаўленьне душаў нашых.
Цяпер ...:
Вершапесьні з актойха
належнага тону.
Слава ...:
(Тон 8). Хай кожны язык пяе хвалу ўсяхвальнае
Аўхіміі; хай кожны род і век – юнакі і дзевы, – уславіць дзеву і мучаніцу
Хрыстовую. Яна, узмоцненая Законам Божым, мужна адкінула жаночую слабасьць, і
цярпеньнямі сваімі перамагла мучыцеля ворага. Цяпер, упрыгожаная нябесным і
боскім вянцом, яна моліць Жаніха свайго і Бога дараваць нам веліч зьмілаваньня.
Цяпер ...:
Адпушчальны трапар
Мучаніцы (Тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Аўхімія, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу і
расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе,
каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як
ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы
нашыя. |