Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 30 красавіка - Сьвятога апостала Якуба, брата Яна Багаслова


 

 

30 красавіка - Сьвятога апостала Якуба, брата Яна Багаслова

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу..."
тры песьні сьвята і наступныя:

(Тон 4). Вудаю ласкі з глыбіні марнасьцяў людзей выбавіў ты, слаўны блаславёны Якубе, слухаючы загаду Настаўніка, які прасьвятліў твае думкі і ўчыніў цябе сваім пачэсным апосталам і богавяшчальнікам свайго недасяжнага Боства.

Духоўнае зьзьяньне ў выглядзе агню зышло на цябе, і ўчыніла цябе, блаславёны, скарбніцай Боскай ласкі, і ты з сілаю разагнаў цемру бязбожжа і сьвет прасьвятліў мудрасьцю слоў тваіх, вяшчальніку тайнаў, апосталаў вяршыня, навочны сьведка Хрыстовы Якубе.

Зьзяньнем прапаведаваньня ты, слаўны Якубе, прасьвятліў тых, што спалі ў цемры няведаньня і праз веру ўчыніў іх сынамі Уладара і Бога, мукаў і сьмерці якога ты быў пераймальнікам, і саўдзельнікам Ягонае славы, будучы мудрым і богавестуном і сапраўдным вучнем.

Слава...:

(Тон 8). Прыйдзіце, усхвалім у песьнях прапаведніка нябесных тайнаў і настаўніка Евангельля Якуба; Ён паказаўся як рака духоўнага раю, поячы барозны душ нашых нябеснымі хмарамі і чынячы іх пладаноснымі для Хрыста Бога, які малітвамі яго дае ўсім ачышчэньне, прасьвятленьне і веліч зьмілаваньня.

Цяпер...: сьвята


Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба
(1:1-122)

Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццацём пакаленьням у расьцярушаньні: прывітаньне!

Лічыце за вялікую радасьць, браты мае, калі на вас спадаюць розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры родзіць вытрываласьць; а вытрываласьць павінна быць дасканалай, каб і вы былі дасканалымі, беззаганнымі, у нічым не паказваючы недахопаў. Калі ж каму не стае мудрасьці, хай просіць у Бога, які дае ўсім ахвотна і без дакораў – і будзе яму дадзена. Але няхай просіць з вераю, не сумнеючыся ў нічым, бо той хто сумняецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і кідае то тут то там. Такі чалавек хай ня думае, што нешта атрымае ад Госпада, бо ён хісткі і няцьвёрды ва ўсіх сваіх шляхох. Няхай жа ня хваліцца паніжаны брат сваім вывышэньнем, а багаты сваім паніжэньнем, бо ўсё праміне, быццам кветка польная. Бо ўзышло сонца сьпякотнае і высушыла траву, і кветка апала, і хараство аблічча яе счэзла; гэтак багаты ў пачынаньнях сваіх завяне. Шчасьлівы чалавек, які вытрывае ў спакусе, бо, будучы падданы выпрабаваньню, ён атрымае вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, якія любяць Яго.


Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба
(1:13-27)

У час спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне спакушае. Бог непадуладны спакусе да злога і нікога не спакушае. А кожнага выстаўляюць на спакусу і вабяць уласныя пажаданьні. Пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьмерць. Ня дайце сябе ашукаць, браты мае мілыя! Кожнае добро, якое атрымліваем, і кожны дар дасканалы зыходзяць згары ад Айца сьвятла, у якога няма адмены ані зьменнасьці. Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб былі быццам пачаткам тварэньняў Ягоных. Дык вось, браты мае мілыя, хай кожны чалавек будзе ахвотны слухаць, павольны гаварыць, няскоры да гневу. Бо гнеў чалавека ня творыць праўды Божае. Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і бязьмернасьць злосьці, у пакоры прымеце насаджанае ў вас слова, што душы нашы збавіць можа. Будзьце выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, ашукоўваючы саміх сябе. Бо хто слухае слова і не выпаўняе, падобны да чалавека, які разглядае свой прыродны твар у люстры. Ён паглядзеў на сябе, адышоўся, і ўраз забыўся, які ён. Але хто ўвесь час разважае аб дасканалым законе свабоды і трывае ў ім, той ужо не слухач схільны да забыцьця, але выканаўца дзеяньня; спаўняючы яго, ён атрымае шчасьце. Калі хто з вас думае, што ён багабойны, але не ўстрымлівае языка свайго, ён ашукоўвае сэрца сваё і яго багабойнасьць пустая. Чыстая багабойнасьць, беззаганная перад Богам Айцом знаходзіць сваё выражэньне ў апецы над сіротамі і ўдовамі ў патрэбе, і ў захаваньні сябе неапаганеным ад уплываў сьвету.


Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба
(2:1-13)

Браты мае! Хай вера ваша ў Госпада нашага Ісуса Хрыста ўслаўленага не ўзіраецца на аблічча. Бо калі на вашу зборку ўвойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым адзеньні, і ўвойдзе таксама бедны ў мізэрнай вопратцы, і вы глянеце на адзетага ў багатую вопратку і скажаце яму: "Сядзь на пачэсным месцы"; а беднаму скажаце: "Стань там, ці сядзь ля падножка майго", – дык ці ж не розна паступаеце і не стаецеся судзьдзямі з нягоднымі? Паслухайце, браты мае мілыя: ці ж ня бедных сьвету гэтага выбраў Бог быць ім багатымі вераю і атрымаць у спадчыну валадарства, якое ён абяцаў тым, што любяць Яго? А вы пагардзілі бедным. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас па судох? Ці ж не яны зьнеслаўляюць пачэснае Імя, якім вы называецеся? Калі тады выпаўняеце царскі закон, што ў Пісаньні: "Любі бліжняга твайго, як самога сябе" – добра робіце. Але калі на аблічча ўзіраецеся, дык робіце грэх і закон асудзіць вас як праступнікаў. Хто спаўняе ўвесь закон, але зграшыць у нечым адным, той робіцца вінаватым ва ўсім. Бо Той, хто сказаў "Не чужалож", сказаў таксама "Не забівай"; дык калі ты не чужаложыш, але забіваеш, то ты праступнік закону. Гаварэце і рабеце так, як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закону свабоды. Гэта будзе суд няўмольны для тых, што не чынілі міласэрнасьці: бо міласэрнасьць вышэй за суд.


Вершапесьні

(Тон 8). Блаславёны сьведка Божы Якубе, ты, успрыняўшы голас Слова, пакінуў бацькоўскі дом і закалоты жыцьцёвыя, і перайшоў духоўнае мора, ўскалыхнуўшы яго навукаю дабрадзейнасьцяў і мірным прасьвятленьнем, богаблаславёны.

Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Навочны сведка Слова і Начальніка жыцьця, Якубе, учынкамі сваімі дагаджаючы Айцу будучага веку, ты пазбавіў першынства злоснага Ізмаіла, для якога жывот быў ягоным Богам: ты яго выкрыў і паказаў голым, пазбаўленым Бацькоўскага покрыва, без удзелу ў ягоным блаславеньні і насьледзтве.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Ты, блаславёны, быў пастаўлены князем над усёй зямлёй, стаўшыся вучнем Тварца ўсяго, і за тваю вялікую руплівасьць і сьмеласьць, ты пацярпеў сьмерць, будучы першым сярод пачэснага ліку дванаццацёх апосталаў, што аддаў жыцьцё за Хрыста.

Слава...:

(Тон 1). Ты пайшоў усьлед за Хрыстом, боскі Якубе, і, адкінуўшы сьвет, навуку Ягоную схаваў у глыбіні сэрца твайго і стаўся Ягоным апосталам. Ты пайшоў да паганаў, і душы іхнія, пацямнелыя ад спакусаў і страсьцяў, прасьвятліў запаветамі Збавіцеля, навучыўшы іх верыць у Тройцу адзінасутную.

Цяпер...: сьвята


Адпушчальныя трапары

Трапар (тон 3): Выбраны апостале Хрыстовы і ўлюбёнага Багаслова родны браце, Якубе ўсяхвальны, усім нам, што сьвяткуем памяць тваю, выпрасі адпушчэньне грахоў і душам нашым багацьце зьмілаваньня.

Слава... цяпер...: сьвята


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст