Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » V тыдзень посту - субота Акафіста - Ютрань і Літургія


 

 

V тыдзень посту - субота Акафіста - Ютрань і Літургія

Пасьля "Госпад – Бог...":

Трапар (Тон 8): Атрымаўшы таемны загад, бесьцялесны пасьпяшыў у дом Язэпа і сказаў Той, што мужа ня знала: "Нязьменны, схіліўшы нябёсы, зыходзіць і ўмяшчаецца поўнасьцю ў Табе. Убачыўшы, як Ён прымае ва ўлоньні Тваім вобраз слугі, з жахам усклікаю Табе: Радуйся, Дзева Маці!"


Першая частка Акафіста

(Гл. асобную кніжку)


КАНОН (Тон 4)

Песьня 1

Ірмас: Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.

Арханёл убачыў Цябе, Усячыстая, – адухаўлёную Хрыстовую кнігу, запячатаную Духам, – і ўсклікнуў: "Радуйся, посуд радасьці, Табою адмяняецца праклён прамаці!"

Радуйся, Дзева, Нявеста Божая, аднаўленьне Адама, умярцьвленьне пекла; радуйся, Усебеззаганная, хорам Уладара ўсіх; Радуйся, Пасад вогненны Ўсемагутнага!

Радуйся, Кветка незьвядальная, адзіная, што ўзрасьціла яблык духмяны. Радуйся, букет Уладара адзінага, Радуйся , што мужа ня знала, збаўленьне сьвету.

Радуйся, скарбніца чысьціні, бо Табою мы ўсталі ад падзеньня; радуйся, духмяная кветка, вядомая ўсім верным, Уладарка, кадзіла духмянае, і шматкаштоўнае міра.


Песьня 3.

Ірмас: У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.

Радуйся, Уладарка, ніва неараная, што ўзрасьціла Боскі колас; радуйся, стол адухоўлены, што ўмяшчае Хлеб жыцьця; Радуйся, невычэрпная Крыніца жывой вады.

Радуйся, Маці, што нарадзіла верным беззаганную ахвяру; радуйся, Авечка, маці Божага Ягняці, што ўзяло на сябе сьвету ўсяго правіны; радуйся, нашая надзейная Заступніца.

Радуйся, сьвятлейшая за раніцу, сьвятла жыльлё, што насіла адзінае Сонца-Хрыста. Радуйся, што разагнала цемру і змрочных бесаў адагнала далёка.

Радуйся, адзіная брама, праз якую прайшло адзінае Слова; сынараджэньнем Тваім Ты скрышыла вароты і краты пекла. Радуйся, Божая нявеста, Боскі ўваход для тых, што збаўляюцца.


Другая частка Акафіста.

Сядальная песьня (Тон 1): Вялікі князь анёлаў прыйшоў у Назарэт і абвясьціў Табе, Беззаганная, уцелаўленьне Ўладара Твайго, кажучы: "Радуйся, блаславёная Марыя, неспасьціжная і невыказная глыбіня, аднаўленьне людзей!"


Песьня 4.

Ірмас: Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"

У песьнях славім Цябе, Дзева ўсяхвальная: Радуйся, жызная гара, ускормленая Духам; радуйся сьветач, посуд манны, што дае слодыч пачуцьцям усіх верных.

Радуйся, Усячыстая Ўладарка, Ачышчэньне сьвету; радуйся, Лесьвіца, што ласкаю ўзьнімаецца ад зямлі і прыводзіць ад сьмерці да жыцьця ўсіх, што славяць Цябе.

Радуйся, Усячыстая, Вышэйшая за нябёсы, аснова зямлі, што ў сваім улоньні лёгка насіла Аснову зямлі. Радуйся, ракавіна, што амачыла крывёю сваёю баграніцу Госпада сілаў.

Радуйся, Уладарка, што нарадзіла існага Заканадаўца, які ачышчае ўсіх ад беззаконьня; радуйся, нязьведаная глыбіня, вышыня невыказная, Дзева, што мужа ня знала, якою мы ўсе абагавіліся.

Славім у песьнях Цябе, Дзева, што спляла сьвету нерукатворны вянок, і клічам: "Радуйся, сховішча ўсіх і абарона, умацаваньне, і сьвятое прыбежышча".


Песьня 5.

Ірмас: Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.

Радуйся, Усебеззаганная, што нарадзіла шлях збаўленьня, і вызваліла сьвет ад грахоўнай паводкі; радуйся, Боганявеста, прадвяшчаньне таго, пра што страшна гаварыць і чуць; Радуйся, Жыльлё Ўладара стварэньня.

Радуйся, Усячыстая, сіла і ўмацаваньне людзей, месца сьвятое Славы, умярцьвленьне пекла, хорам усясьветлы. Радуйся, анёлаў Радасьць; радуйся, памочніца тых, што з вераю моляцца Табе.

Радуйся, Уладарка, вогненная калясьніца Слова, духоўны рай, што мае ў сабе Хрыста –Дрэва жыцьця, салодкі плод якога ажыўляе падлеглых тленнасьці, што з вераю спажываюць яго.

Умацаваныя сілаю Тваёю, з вераю ўсклікаем Табе: Радуйся, горад Уладара ўсіх! Слаўныя рэчы, годныя таго, каб іх пачуў увесь сьвет, кажуць пра Цябе, Гара нясечаная. Радуйся, Глыбіня невымерная.

Радуйся, Усячыстая, прасторнае селішча Слова, ракавіна, што ўзрасьціла Боскую Пэрлу; радуйся, цудоўная Багародзіца, прымірэньне з Богам усіх, што заўжды клічуць Цябе шчасьліваю.


Песьня 6.

Ірмас: На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.

Хорам Слова беззаганны, Прычына абагаўленьня ўсіх, радуйся, Усячыстая, прарокаў слава; радуйся, апосталаў упрыгожаньне.

З Цябе пацякла раса , што пагасіла полымя многабожжа. Таму ўсклікаем Табе: "Радуйся, руна духоўнае, якое Гедэон, Дзева, прадбачыў."

Глянь, Дзева, на нас, якія гукаем Табе "Радуйся!" Будзь нам прыстаньню, калі нас кідаюць жыцьцёвыя хвалі, надзейным сховішчам ад буры нягодаў і пастак ворага.

Крыніца ўсялякай радасьці, прасьвятлі ласкаю розум наш, каб нам клікаць: "Радуйся, незгаральны Куст, Хмара сьветлая, што ценем сваім пакрывае верных!"


Трэцяя частка Акафіста.


Песьня 7.

Ірмас: Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".

Славім Цябе і ўсклікаем: "Радуйся, Калясьніца духоўнага Сонца; існая Лаза, што прарасьціла нам сьпелую гронку, з якой цячэ віно, што весяліць душы тых, што з вераю славяць Цябе".

Радуйся, Боганявеста, што нарадзіла Лекара ўсіх людзей; Жэзл таемны, што прарасьціў кветку, якая ня вяне; Радуйся, Уладарка, бо Табою мы поўнімся радасьцю і атрымліваем у спадчыну жыцьцё.

Ніякі красамоўны язык, Багародзіца, ня ў змозе належна ўславіць Цябе: Ты ўзьнялася вышэй за сэрафімаў, бо нарадзіла Ўладара ўсіх Хрыста. Малі Яго за вызваленьне людзей Тваіх ад шматлікіх спакусаў.

Славяць і бласлаўляюць Цябе, Чыстая, усе куткі зямлі і з любоўю клічуць: Радуйся, скрутак, на якім рукою Айца было напісанае Слова. Малі Яго, Багародзіца, запісаць у кнігу жыцьця слугаў Тваіх.

Мы, слугі Твае, молім Цябе, Усячыстая, і схіляем сэрцы нашыя: Нахілі вуха Тваё і збаў тых, што тонуць у бедах, і захавай ад усялякіх варожых напасьцяў людзей Тваіх.


Песьня 8.

Ірмас: Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".

Ты, Чыстая, прыняла Слова ва ўлоньні сваім, насіла Таго, хто носіць усё; малаком карміла Таго, хто корміць увесь сусьвет. Яму мы пяём: "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Майсей убачыў у кусьце вялікую тайніцу сынараджэньня Твайго, Непарушная Сьвятая Дзева; юнакі, што стаялі сярод агню і не згарэлі, былі вобразам яго. Дзеля гэтага шануем Цябе праз усе вякі.

Мы, што праз спакусу засталіся голымі, сынараджэньнем Тваім апрануліся ў вопратку нятленнасьці, і сьвятло зазьзяла нам, якія сядзелі ў цемры грахоў. Дзеля гэтага, Дзева, Жыльлё Сьвятла, мы славім Цябе праз усе вякі.

Мёртвыя ажываюць Табою, бо Ты нарадзіла ўвасобленае Жыцьцё, нямыя гавораць, пракажоныя ачышчаюцца, немачы адганяюцца, мноства духаў нячыстых перамагаецца, Дзева, збаўленьне людзей.

Радуйся, Усеблаславёная, што нарадзіла Збаўленьне сьвету, якім мы былі ўзьнесеныя ад зямлі на вышыню нябесную; радуйся, Покрыва і дзяржава , абарона і ўмацаваньне тых, што пяюць : "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"


Песьня 9.

Ірмас: Усе, народжаныя на зямлі, хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"

Табою, Дзева, мы сталіся ўдзельнікамі вечнай радасьці, дык дазволь нам славіць Цябе і клікаць "Радуйся!" Вызваль нас ад напасьцяў, варожай няволі і ўсіх іншых бедаў, якія наведваюць грэшных людзей за мноства іхніх правінаў.

Ты явілася нам як нашае прасьвятленьне і ўмацаваньне. Дзела гэтага ўсклікаем Табе: "Радуйся, Зорка незаходная, што ўвяла на сьвет вялікае Сонца; радуйся, Чыстая, што адкрыла нам зачыненую браму раю; радуйся, Посуд, што прыняў у сябе Алей невычэрпны".

Станем пабожна ў доме Божым і ўсклікнем: "Радуйся, Каралева сьвету; радуйся, Марыя, Уладарка ўсіх нас; радуйся, адзіная беззаганная і добрая сярод жанчынаў; радуйся, стоўп вогненны, што накіроўвае род людзкі да вышэйшага жыцьця".

Радуйся, Заўсёды Дзева, Галубка, што нарадзіла Ўсеміласэрнага; радуйся, усіх сьвятых пахвала, пакутнікаў вянец; радуйся, праведнікаў Боская краса і нас, верных, збаўленьне.

Пашкадуй, Хрысьце Божа, набытак Твой і не зважай на нашыя правіны: моліцца Табе за нас Тая, што бяз семя нарадзіла Цябе, калі Ты захацеў у вялікай міласэрнасьці Тваёй прыняць людзкую прыроду.


Экзапастыляр: Спрадвечная тайна Божая сёньня робіцца яўнаю. У міласэрнасьці сваёй Бог-Слова стаецца Сынам Дзевы Марыі. І Габрыель абвяшчае радасную Добрую вестку. Разам з ім усклікнем: "Радуйся, Маці Госпада!"


Пахвальныя псалмы

(Тон 4): Таямніца схаваная, няведамая анёлам, давяраецца арханёлу Габрыелю. Прыйшоўшы да Цябе, адзіная нятленная і добрая Галубка і пакліканьне нашага роду, ён усклікае: "Радуйся, Усячыстая! Рыхтуйся прыняць словам Бога-Слова ва ўлоньні Тваім!" (Двойчы)

Сьветлы хорам падрыхтаваны Табе, Уладару – чыстае ўлоньне Боскае Дзевы. Дык зыйдзі да Яе, пашкадуй творы Твае, якіх злосны вораг у зайздрасьці, схапіўшы, трымае ў няволі. Яны страцілі сваю першасную красу і чакаюць Твайго зыходу для іхняга збаўленьня.

Арханёл Габрыель прыйдзе яўна да Цябе, Усебезаганная і ўсклікне: "Радуйся, вызваленьне ад праклёну, устаньне тых, што ўпалі; Радуйся, адзіная абраньніца Божая; радуйся, калясьніца Сонца славы: прымі Бесьцялеснага, які жадае пасяліцца ва ўлоньні Тваім".

Слава ... Цяпер ...

Багародзіца пачула голас, якога ня ведала, калі арханёл прамовіў да Яе і абвясьціў Добрую Вестку. Прыняўшы з вераю ягонае прывітаньне, Яна зачала Цябе, спрадвечнага Бога. Дык вось і мы з радасьцю ўсклікаем: "Нязьменны Божа, што прыняў цела ад Дзевы, дай сьвету супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня".


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст