На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1): Ты, Хрысьце, распасьцёр на крыжы чыстыя
рукі Твае, каб прыцягнуць да сябе людзей з усіх куткоў зямлі; дзеля гэтага
клічу: "Палонены пажаданьнямі разгублены розум мой засяродзь, і зрабі мяне,
ачышчанага пастом, саўдзельнікам мукаў Тваіх".
Юнакі, узмоцненыя пастом, паказаліся, як пішацца, мацнейшымі
за нясьцерпны агонь. Пасьціся, пакорная душа мая, запалі ў сабе любоў да
Ўладара, каб пазьбегнуць будучай пякельнай кары і гібельныя пажаданьні спаліць.
(Тон 3): Радасны час посту! Насыціўшыся ўдосталь
сьветлай чысьцінёй, чыстай любоўю і сьветазарнай малітвай, усклікнем: "Крыжу
Хрыстовы ўсесьвяты, што ўзрасьціў слодыч жыцьця, зрабі нас дастойнымі пакланіцца
табе з чыстым сэрцам, дaруй нам ачышчэньне і веліч зьмілаваньня".
Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 27): Збаў, Госпадзе, людзей
Тваіх і блаславі набытак Твой.
Верш: Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не
адмоўчвайся ад мяне.
Чытаньне кнігі Роду
Сказаў Каін Авелю, брату свайму: "Пойдзем у поле". І калі
былі яны ў полі, Каін кінуўся на Авеля і забіў яго. Тады Бог спытаў Каіна: "Дзе
брат твой Авель?" Той адказаў: "Ня ведаю. Ці ж я стораж брата майго?" Бог
сказаў: "Што ж ты зрабіў? Кроў брата твайго кліча да мяне з зямлі! Дык будзь
пракляты на той зямлі, якая адкрыла вусны свае, каб прыняць кроў брата твайго,
якую ты праліў. Ня дасьць яна табе больш плоду, калі будзеш працаваць на ёй.
Прыблудаю і ўцекачом будзеш на зямлі". Каін сказаў Госпаду: "Занадта вялікая
кара мая, каб мне перанесьці. Калі выганіш мяне з гэтай краіны і мне трэба будзе
хавацца перад Табою і быць прыблудаю і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто мяне
сустрэне, можа забіць мяне!" Але Госпад сказаў яму: "Не! У сем разоў
адпомсьціцца таму, хто заб'е Каіна!" І даў Госпад кляймо Каіну, каб ніхто, хто
яго сустрэне, не забіў яго. (4:8–15)
Пракімен (Пс 28):
Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем.
Верш: Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду
хвалу і пашану.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Сыне мой, павярніся да мудрасьці, нахілі вуха тваё да слоў
маіх; каб захаваць добрыя думкі, хай вусны твае сьцерагуць разважнасьці. Бо мёд
цячэ з вуснаў чужой жонкі, і на час насалоджвае тваё горла, але ўканцы стаецца
ён больш горкі за жоўць і вастрэйшы за меч двусечны. Ногі яе вядуць да сьмерці,
да апраметнай крокі яе накіраваныя. Яна ня бачыць дарогі жыцьця і не заўважвае,
што сьцежкі яе крывыя. Дык цяпер, сыне, паслухай, не адкідай маіх навучаньняў,
хай дарога твая будзе далёкай ад яе, да дзьвярэй дому яе не падыходзь, каб не
аддаць іншым славы сваёй, і жыцьця свайго неміласэрным; каб з працы тваёй не
жылі іншыя, каб твая маёмасьць не пайшла ў чужы дом. Каб не прыйшлося табе
стагнаць, калі сілы цела твайго змарнеюць; каб не казаць табе: "Не зважаў я на
напамінаньні, пагардзіла сэрца маё навукаю, ня слухаў я словаў настаўніка, не
прыхіліў вуха да ягоных навучаньняў; я чуць не папаў ў вялікую бяду сярод
грамады–зборышча". Сыне, пі ваду з уласных посудаў – тую, што плыве з тваёй
крыніцы. (5:1–15)
Вершапесьні
(Тон 3): Сам расьпяты, Ты, Госпадзе, расьпяў з
сабою старога чалавека; прабіты ў бок кап'ём, Ты прабіў ім чалавекагубнага
зьмея. Прыгвазьдзі да страху Твайго цела маё, і парань душу маю любоўю Тваёю,
каб я, гледзячы на цярпеньні Твае, дастойна правёў час посту, утаймаваў ня
толькі жывот, але і іншыя грэшныя нахілы, і ахвяраваў Табе скруху сардэчную і
пакору душы за мае ранейшыя правіны, ад якіх выбаў мяне, Чалавекалюбча.
(Двойчы)
Прарокі, апосталы Хрыстовыя і мучанікі, навучылі нас славіць
адзінасутную Тройцу і, прасьвятліўшы заблудныя ў мане народы, учынілі сыноў
людзкіх саўдзельнікамі анёлаў.
Багародзічны: Убачыўшы Народжанага ад цябе,
Усячыстая, павешанага на дрэве, ты заплакала і ўсклікнула: "Любае і жаданае
Дзіця маё, дзе падзелася сьветлая краса Твая, якою ты ўпрыгожыў людзкую
прыроду". |