На "Госпадзе, Цябе клічу... ":
(Тон 4): Растраціўшы марна бацькаўскае багацьце,
я, бедны, пасяліўся ў краіне благіх людзей і, пазбаўлены Боскай ласкі, стаўся
падобным да неразумнай жывёлы. Цяпер вяртаюся да Цябе, добрасардэчнага і
шчодрага Айца, і клічу: "Я зграшыў, прымі мяне ў пакаяньні і зьмілуйся нада
мною".
Адухоўленыя ахвяры, цэлапаленьні духоўныя, мучанікі
Гасподнія, дасканалыя Божыя ахвярапрынашэньні, Богу ведамыя авечкі, што Бога
знаюць і загарадзь якіх недаступная ваўкам: маліцеся, каб нам разам з вамі на
ціхіх водах знайсьці супакаеньне.
(Тон 6): Сонца духоўнага промні, багавідцы
апосталы, выпрасіце прасьвятленьня душам нашым, каб нам вызваліцца ад змрочнай
цемры пажаданьняў і бачыць дзень збаўленны, ачысьціўшы пастом і малітваю сэрцы,
параненыя хітрым ворагам; каб, збаўленыя вераю, мы ўсьцяж шанавалі вас, якія
мудрым прапаведаваньнем збавілі сьвет.
Адышоўшы ў благую краіну, я змарнаваў усё багацьце, якое Ты,
Ойча, даў мне, і цяпер цярплю голад добрых учынкаў; апрануты ў сорам праступных
дзеяньняў, пазбаўлены ласкі Божай, клічу: "Зграшыў я, але ведаю Тваю дабрыню і
таму прашу Цябе, добры Хрысьце, прыняць мяне як аднаго з наймітаў Тваіх,
малітвамі апосталаў, якія палюбілі Цябе".
Апосталы Збавіцеля, светачы сусьветныя, дабрадзейныя і
збавенныя прапаведнікі Божае славы, упрыгожаныя зоркамі цудаў і знакамі
ацаленьняў, маліцеся шчыра Госпаду за нас: хай Ён прыме малітвы вашыя, як
духмяную ахвяру, каб нам усім стацца дастойнымі бачыць жыцьцядайны Крыж і,
пакланіўшыся яму са страхам, атрымаць зьмілаваньне ад чалавекалюбнага Збавіцеля
нашага.
Тры песьні і багародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 51):
Спадзяваўся я на міласэрнасьць Божую
заўсёды і на век вякоў.
Верш: Што хвалішся ў злосьці тваёй, моцны?
Чытаньне кнігі Роду
Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі патоп водны зышоў на зямлю. І
ўвайшоў Ной і сыны ягоныя і жонка, і жонкі сыноў яго з ім у каўчэг ад водаў
патопу. І ад птушак чыстых і птушак нячыстых, і ад жывёлы чыстай і жывёлы
нячыстай (і ад зьвяроў) і ад усіх паўзуноў па зямлі па пары – мужчынскага
роду і жаночага, – увайшлі з Ноем у каўчэг, як загадаў Госпад Бог.
(7:6–9)
Пракімен (Пс 52):
Калі вывеў Госпад з палону людзей сваіх.
Верш: Сказаў дурань у сэрцы сваім: Няма Бога.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Сыне, калі будзеш мудры, дапаможаш сабе і бліжнім сваім; калі
ж ты буян, дык сам пацерпіш. Хто ўмацоўваецца на мане, той пасе вецер, ганяецца
за птушкамі, што лятаюць высока; бо ён пакінуў шляхі свайго вінаградніка, і
заблудзіў на сьцежках поля свайго; пераходзіць цераз пустыню і зямлю бязводную,
асуджаны на смагу; зьбірае рукамі неўраджай. Жанчына бязглуздая і языкастая,
бедная на хлеб бывае: ня ведаючы сораму, яна сядзіць у дзьвярах дому свайго на
крэсьле на вачох усіх, каб клікаць тых, што ідуць дарогаю, ідуць проста шляхам
сваім: "Калі хто з вас неразумны, хадзі да мяне; і тым, хто пазбаўлены розуму,
загадваю: хлеба схованага пакаштуйце ў асалоду, ваду крадзеную салодкую піце".
Ён і ня ведае, што ў яе людзі гінуць, што яны асуджаныя на апраметную. Але ты
ўцякай, не затрымлівайся на месцы, не затрымлівай зроку твайго на ёй: такім
чынам пяройдзеш раку чужую і ад вады чужой адхілішся і з крыніцы чужой не
нап'ешся; і будзеш доўга жыць, і дні гадоў тваіх памножацца.
(9:12–18)
Далей – Літургія Раней Асьвячаных Дароў.
|