Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІV тыдзень посту - серада - увечары


 

 

ІV тыдзень посту - серада - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4): Вось мінула палова посту, хадайніка дабротаў; пражыўшы добра мінулыя дні, пастараемся выкарыстаць тыя, што засталіся; бо поступ у дабрадзейнасьцях прыносіць шмат карысьці; дык пастараемся ва ўсім дагадзіць Падаўцу ўсяго добрага, Хрысту, і ўсклікнем: "Ты, што пасьціўся дзеля нас і пацярпеў расьпяцьце, зрабі нас годнымі без асуджэньня стацца ўдзельнікамі Пасхі Тваёй і, пажыўшы на гэтым сьвеце, славіць Цябе разам за Айцом і Духам". (Двойчы)

(Тон 5): Робім тайна дабрадзейнасьці ў чаканьні заплаты, не паказваючы іх на ростанях і рынках, але хаваючы іх унутры сэрцаў сваіх; і Той, хто бачыць тайнае, дасьць нам узнагароду за ўстрыманасьць. Посьцім не з сумнымі тварамі, але ў каморцы душаў нашых, молячыся няспынна і клічучы: "Ойча наш, што ў небе, не вядзі нас да спакусы, просім Цябе, але збаў нас ад злога".

У бязьмежнай любові вы, сьвятыя мучанікі, ня выракліся Хрыста: пацярпеўшы розныя мукі і раны, вы перамаглі дзёрзкасьць мучыцеляў і, захаваўшы чыстай і непашкоджанай веру, пераставіліся да неба. Цяпер, маючы ласку ў Бога, прасіце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.

(Тон 1): Ачысьцім душы постам і, прыступіўшы да пачэснага і жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга, у веры паклонімся Яму, чэрпаючы Боскае прасьвятленьне і набываючы вечнае збаўленьне, супакой і веліч зьмілаваньня.

Апосталаў пахвала, Крыж, якога акружаюць пачаткі, сілы і арханёлы, збаўляй ад усялякай бяды тых, што пакланяюцца табе, і дай нам добра закончыць час Боскага посту і бачыць Дзень Уваскрасеньня, якім мы збаўляемся.

(Тон 7): Пакланяемся сёньня Крыжу Гасподняму і ўсклікаем: "Радуйся, дрэва жыцьця, пекла разбуральнік; радуйся, радасьць сьвету і тленнасьці зьнішчальнік; радуйся ты, што праганяеш бесаў сілаю тваёю; верных умацаваньне, непарушная зброя. Тых, што цалуюць цябе і пакланяюцца табе, захавай і асьвяці, молімся".

Тры песьні з мінэі.

Слава ... цяпер ...

(Тон 8): Сёньня Недаступны прыродаю стаецца даступным для мяне; церпіць мукі, каб мяне ад мукаў вызваліць; Той, хто вяртае зрок сьляпым, ад беззаконных аплёўваецца, і плечы свае дае на раны за зьняволеных. Бачачы Яго на Крыжы, Чыстая Дзева і Маці з болем усклікнула: "Гора мне, Дзіця маё! Што гэта Ты ўчыніў? Пераўзыходзячы красою ўсіх людзей, Ты стаўся без дыханьня, без выгляду і красы. Гора мне, Сьвятло маё, не магу глядзець на Цябе памёрлага, нутро маё ўсё параненае, і люты меч пранізаў сэрца маё; слаўлю Мукі Твае, пакланяюся дабрасардэчнасьці Тваёй. Даўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!".


Пракімен (Пс 71): Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, адзіны, што творыць цуды.

Верш: Божа, суд Твой перадай уладару, і справядлівасьць Тваю сыну ўладара.


Чытаньне кнігі Роду

Сыны Ноя, што выйшлі з каўчэгу былі Сім, Хам і Яфет. Хам быў бацькам Ханаана. Гэтыя тры былі сынамі Ноя і ад іх людзі размножыліся на зямлі. Ной быў земляробам, і ён першы насадзіў вінаграднік. Калі прыйшоў час віназбору, ён напіўся і ляжаў голы ў сваёй палатцы. Хам, бацька Ханаана, убачыўшы бацьку свайго голым, сказаў аб гэтым сваім двум братом, якія былі вонках палаткі. Тады Сім і Яфэт узялі плашч і, трымаючы яго на плячах, увайшлі ў палатку задам і прыкрылі бацьку, твараў сваіх не адварочваючы, каб ня бачыць бацьку голага. Калі Ной прачнуўся ад віна і даведаўся, што зрабіў малодшы сын, ён сказаў: "Хай будзе пракляты Ханаан! Хай будзе ён найніжэйшым слугою братоў сваіх!". А потым дадаў: "Хай будзе блаславёны Госпад, Бог Сіма! Хай Ханаан будзе слугою Сіма! Хай Бог дасьць і Яфэту вялікую прастору і хай ён жыве ў палатках Сіма, а Ханаан хай будзе яму слугою". Ной жыў пасьля патопу трыста пяцьдзесят гадоў. І памёр Ной у веку дзевяцісот пяцідзесяці гадоў. Вось патомкі сыноў Ноя – Сіма, Хама і Яфета. Пасьля патопу яны нарадзілі сыноў. (9:18–10:1)


Пракімен (Пс 72): Мне добра быць блізка Бога.

Верш: Як добры Бог Ізраіля!


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Чалавек разумны скрывае свае веды; сэрца дурняў абвяшчае сваю дурасьць. Рука дбайлівага будзе панаваць; а лянівы будзе працаваць пад прымусам. Сум прыгнятае сэрца чалавека; добрае слова развесяляе яго. Праведнаму паводзіцца лепш, чым іншым; шлях нязбожных вядзе да згубы. Лянівы не сасмажыць сабе дзічыны; людская стараннасьць – вялікае багацьце. На шляху праведнасьці – жыцьцё; а дарога адступнікаў вядзе да сьмерці. Разумны сын слухае настаўленьняў бацькі; буян ня слухае напамінаньняў. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек пакаштуе дабро; душы беззаконных гінуць перадчасна. Хто сьцеражэ вусны свае, сьцеражэ жыцьцё; хто адчыняе вусны, сам сябе губіць. Душа лянівых жадае, але дарма; душа дбайлівых насыціцца. Праведны брыдзіцца хлусьлівым словам; дрэнна і сорамна паступае нязбожны. Праведнасьць сьцеражэ шлях беззаганнага; а нязбожнасьць губіць грэшнікаў. Адзін удае багатага, не маючы нічога; другі прыкідваецца жабраком, будучы багатыром. Багацьце чалавека – выкуп за яго жыцьцё; але ўбогі ня чуе пагрозы. Сьвятло праведных весела зьзяе; сьветач нязбожных гасьне. Душы хітрыя блудзяць у грахох; праведнікі спагадаюць і мілуюць. (12:23–13:9)


Далей Літургія Раней Асьвячаных Дароў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст